Перайсці да зместу

Дэмакратычная Рэспубліка В’етнам

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гістарычная дзяржава
Дэмакратычная Рэспубліка В’етнам
Việt Nam Dân Chủ Cộng Hòa
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Гімн: Tiến Quân Ca
Тэрыторыя ДРВ з 1954 па 1976 год («Паўночны В’етнам»)
Тэрыторыя ДРВ з 1954 па 1976 год («Паўночны В’етнам»)
< 
 >

Сталіца Ханой
Мова(ы) в’етнамская мова
Афіцыйная мова в'етнамская мова
Рэлігія атэізм
Грашовая адзінка В'етнамскі донг
Плошча 157,880 км²
Насельніцтва
  • 23 800 000 чал. (1974)[1]
Форма кіравання сацыялістычная рэспубліка
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дэмакратычная Рэспубліка В’етнам (в’етн.: Việt Nam Dân Chủ Cộng Hòa; ДРВ) — дзяржава ў Паўднёва-Усходняй Азіі, якая існавала з 1945 года па 1954 год як самаабвешчаная дзяржава на ўсёй в’етнамскай тэрыторыі, а з 1954 года па 1976 год як прызнаная дзяржава толькі ў паўночнай частцы в’етнамскай тэрыторыі (часта згадваецца як «Паўночны В’етнам»).

Дэмакратычная Рэспубліка В’етнам была абвешчана на ўсёй в’етнамскай тэрыторыі Хо Шы Мінам у Ханоі 2 верасня 1945 года.

19 снежня 1946 года Францыя пачала каланіяльную вайну супраць ДРВ, у часе якой усе органы ўлады ДРВ былі вымушаны сысці ў падполле, а значная частка тэрыторыі (уключаючы Ханой) перайшла пад кантроль французскага экспедыцыйнага корпуса, дзе ў 1949 годзе было абвешчана альтэрнатыўная марыянетачная[крыніца?] Дзяржава В’етнам. У студзені 1950 года ДРВ была афіцыйна прызнана СССР і КНР.

Пасля паражэння французскіх сіл у бітве пры Дьен-Бьен-Фу[2] ў ліпені 1954 года былі падпісаны Жэнеўскія пагадненні, паводле якіх тэрыторыя В’етнама была часова падзелена на дзве часткі, паміж якімі размяшчалася дэмілітарызаваная зона. Паўночны В’етнам пераходзіў пад кантроль улад ДРВ на чале з Хо Шы Мінам (стаўшы, такім чынам, першай сацыялістычнай дзяржавай у рэгіёне Паўднёва-Усходняй Азіі), на поўдні заставалася створаная Францыяй Дзяржава В’етнам. У абедзвюх частках краіны прадугледжвалася правесці ў 1956 годзе свабодныя выбары, пасля чаго павінна было адбыцца аб’яднанне.

Пасля падзелу В’етнама назіралася значная міграцыя насельніцтва: з Паўночнага В’етнама на поўдзень перабраліся каля 1 млн чалавек (чаму спрыялі разгорнутая паўднёвав’етнамскімі ўладамі прапагандысцкая кампанія і разгорнутае паўночнав’етнамскімі ўладамі будаўніцтва камунізму), з поўдня на поўнач мігравалі каля 100 тыс. чалавек[крыніца?].

Паўночны В’етнам з’яўляўся сацыялістычнай дзяржавай з цалкам цэнтралізаванай сістэмай кіравання і планавай эканомікай. У сярэдзіне 1950-х гадоў у ДРВ была праведзена зямельная рэформа, падчас якой ліквідаваны клас памешчыкаў, а іх землі перададзены сялянам. Рэформа суправаджалася гвалтам, у выніку якога, паводле розных ацэнак, загінула ад 1 тыс. да 100 тыс.[крыніца?] чалавек. У канцы 1950-х гадоў пачалася індустрыялізацыя краіны.

Правядзенне выбараў, прызначаных на 1956 год, было сарвана паўднёвав’етнамскім рэжымам пры падтрымцы ЗША. У 1955 годзе ў Паўднёвым В’етнаме была абвешчана суверэнная Рэспубліка В’етнам, што было прамым парушэннем Жэнеўскіх пагадненняў, якія замацоўвалі часовы статус падзелу краіны. Паколькі працэс мірнага аб’яднання краіны зайшоў у тупік, у 1959 годзе паўночнав’етнамскае кіраўніцтва прыняло рашэнне падтрымаць распачатае ў Паўднёвым В’етнаме паўстанне мясцовых камуністаў. Вынікам такога рашэння стала В’етнамская вайна. На тэрыторыю Паўднёвага В’етнама тайна пранікалі рэгулярныя падраздзяленні паўночнав’етнамскай арміі. Акрамя таго, войскі ДРВ удзельнічалі ў грамадзянскай вайне ў Лаосе, што таксама афіцыйна аспрэчвалася Ханоем[крыніца?]. У 19651973 гадах (з перапынкам у 19691971) тэрыторыя ДРВ падвяргалася масіраваным бамбардзіроўкам амерыканскай авіяцыяй і караблямі 7-га флоту ЗША. Мэтамі бамбардзіровак было паслабленне ваеннага патэнцыялу ДРВ і здольнасці краіны аказваць падтрымку партызанам на поўдні, а таксама аказанне ціску на паўночнав’етнамскае кіраўніцтва, каб прымусіць яго спыніць адпраўку сваіх войскаў у Паўднёвы В’етнам. Бамбардзіроўкі нанеслі велізарную шкоду эканоміцы і інфраструктуры краіны, а таксама прывялі да дзясяткаў тысяч людскіх ахвяр[крыніца?]. Значную ваенна-эканамічную падтрымку ў той час Паўночны В’етнам атрымліваў ад СССР і Кітая.

У студзені 1973 года было заключана Парыжскае мірнае пагадненне, паводле якога ЗША і Паўночны В’етнам павінны былі вывесці свае войскі з Паўднёвага В’етнама. Аднак паўночнав’етнамскія войскі не былі выведзены з поўдня і працягвалі там баявыя дзеянні. Увесну 1975 года ў выніку шырокамаштабнага наступу арміі ДРВ паўднёвав’етнамскі рэжым быў зрынуты. 2 ліпеня 1976 года было абвешчана стварэнне адзінай незалежнай в’етнамскай дзяржавы — Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам (СРВ). ДРВ і Рэспубліка В’етнам спынілі існаванне.

  1. https://www.persee.fr/doc/pop_0032-4663_1995_num_50_3_5987#pop_0032-4663_1995_num_50_3_T1_0625_0000
  2. Бітва пры Дьен-Бьен-Фу